Анатоль УСАЎ
Прызнанне

Сто вершаў пра каханне i…
и сто стихотворений о любви

Пераклады Міколы Мятліцкага, Юліі Алейчанкі, Валерыі Радунь
Мастакi: Барыс Касульникаў, Максiм Георгiеў

Анатоль Усаў – сучасны рускi паэт – нарадзіўся на Гомельшчыне ў Беларусі. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута ім. А.С.Пушкіна. Першыя паэтычныя спробы друкаваў ў школьныя гады ў веткаўскай раённай газеце, з'яўляўся членам літаратурнага аб'яднання «Заранка» пры Брэсцкай абласной газеце «Заря». Аўтар некалькiх паэтычных i празаiчных кнiг.

Упершыню вершы Анатоля Усава перакладзены на беларускую мову. Цэнтральнай тэмай яго творчасці з'яўляюцца высокія пачуцці кахання мужчыны і жанчыны. Нароўні з лірычнымі радкамі ў шматлікіх вершах выяўляецца яркая грамадзянская пазіцыя аўтара, якi глыбока хвалюецца за маральнае і духоўнае зьбядненьне грамадства.

Кніга «Прызнанне» складзена з дзвюх частак. Першая «Прызнанне» – пераклады на беларускую мову, і другая – «Улыбка Моны Лизы» – вершы на мове арыгіналу, рускiм, на якім і піша аўтар. Чытач зможа адчуць мелодыку і асаблівасці дзвюх славянскіх моў.

Анатоль Усаў - член саюза пiсьменнiкаў Расii, жыве ў Маскве.


Прызнанне

сто вершаў пра каханне

* * *
Спяшаюся сказаць сівому свету
Ўсё тое, чым засмучаны і рад.
Ўсё тое, што змушае пець паэта
І нараджае ў сэрцы зарапад.

Не помню быццам, як радкі кладуцца,
Як з сэрца ў такт іх б'ецца моцны рытм.
З мяне, напэўна, богі не смяюцца,
Дапамагаюць адшукаць аправу рыфм.

І вершаў мне тыраж зусім не важны,
Ацэнка крытыкаў, паноў, гаспадароў.
Я слухаю прэтэнзіі адважны,
І абыякавы да пахвалы сяброў.

Але я мару, я жадаю, спадзяюся,
Што, можа быць, мае ад сэрца словы
Пакажуць шлях на халадзеючай планеце
Тым, хто шукае i пакутуе любові.


* * *
Жыць без кахання – напалову,
І без яго паэт – ніхто.
І верасень не дорыць словы,
І не сагрэе кроў "бардо".

Ўсё, бы ў песні пашлаватай -
Стэрыльных думак чысты кут.
І ў грудзях пачуццям – краты,
І ўвесь агонь – не свой, не тут.

Яно разлікаў не даруе,
І нават сну ў цішы начной
Душа свабодаю віруе –
Каханне нарадзіцца ў ёй.

Яно – выпадак твой шчаслівы,
І першы крок у змрочны край.
Рысак над стромай палахлівы,
І боль, з надзеяю на рай.

Не п'яны акіян пачуццяў,
Не юру хмельнае віно
Таму, хто раз яго адчуе,
Пакуты прынясе Яно –

Ці то на доўгі час разлуку,
Ці недаверу ўраз зіма.
Але тваю трымаю руку –
І цемры больш вакол няма.


* * *
Зляцеўшы з тармазоў, на кроў далоні сцёршы,
З імглы скразной падзённасці пустой,
Мы парываемся з дзён пошлых, самых горшых,
Да высяў мары недасяжнае сваёй.

Ён, Творца, свет стварыў такім для чалавецтва,
Дзе ўсё прыгожае – імгненны блік святла,
І ў падсвядомасці ён толькі застаецца
Надзеяй, што ўваскрэсла і прыйшла.

Яшчэ не раз паўторыцца свет явай,
Ўспыхне зырка фарбамі зары,
Вясны чаканнем, прадчуваннем млявым,
Каханнем, што, нязгаснае, гарыць.

Туды ляжыць цярністая дарога
Праз суцемкі жаданняў і страсцей.
Мне скажа маці: "Сын, усё ад Бога".
А сябар скажа мне: "Жыві прасцей!"

Любоў – як дар, як свету азарэнне,
Да тых ідзе, чый непахісны дух,
Хто не упаў прад лёсам на калені,
Другіх збярог і сэрцам не патух.

Хто не адвёў вачэй ад змучаных нядоляй,
І за сабою не паліў масты,
Хто змог пачуць успых чужога болю,
І не забыў дар першы пекнаты.

Зляцеўшы з тармазоў, на кроў далоні сцёршы,
З імглы скразной падзённасці пустой,
Мы парываемся з дзён пошлых, самых горшых,
Да высяў мары недасяжнае сваёй.